ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК імя С.​У.​Абразцова.

Створаны ў 1931 у Маскве, з 1981 акад., з 1992 імя С.У.Абразцова, які ў 1931—92 узначальваў т-р. Рэпертуар эстр.-канцэртнай, героіка-рамант., сатыр. накіраванасці, разлічаны на дзіцячую і дарослую аўдыторыю. Сярод спектакляў для дзяцей: «Кот у ботах» Г.​Уладычынай (1937), «Церам-Церамок» С.​Маршака (1940), «Вясёлыя медзведзяняты» М.​Паліванавай (1945), «Хітры Вожык» Н.​Гернет і Я.​Спяранскага (1979), «Маўглі» паводле Р.​Кіплінга (1987), «Тыграня Петрык» Гернет паводле Г.​Янушэўскай і Я.​Вількоўскага (2000), «Братка Трусік» Б.​Галдоўскага паводле Дж.​Харыса (2003), для дарослых: «Чароўная лямпа Аладзіна» Гернет (1940), «Кароль-алень» Спяранскага паводле К.​Гоцы (1943), «Звычайны канцэрт» А.​Бондзі і З.​Герта (1946, 1952; яго новая рэдакцыя — «Незвычайны канцэрт» Абразцова, Бондзі, З.​Папернага, Герта і У.​Кусава, 1968), «Боская камедыя» І.​Штока (1961), «Шлягер, шлягер, толькі шлягер» А.​Хайта (1985), «Геракл» М.​Барценева (1994), «Камедыя памылак» У.​Шэкспіра (1998), «Вялікі перасмешнік» Галдоўскага і К.​Абразцовай па кн. Абразцова «Па прыступках памяці» (2001), «Тыль» Р.​Горына (2002) і інш. У трупе т-ра ў розныя гады нар. арт. СССР Герт, нар. арт. Расіі Кусаў, С.​Самадур, Спяранскі, засл. арт. Расіі Н.​Абразцова, І.​Зайцаў, І.​Мазінг, Е.​Сінельнікава, К.​Успенская, рэж. К.​Абразцова, Ф.​Віёлін, А.​Дзеннікаў, маст. Б.​Тузлукаў, А.​Спешнева. З 1937 пры т-ры працуе музей тэатр. лялек. На фасадзе будынка т-ра ўстаноўлены гадзіннік з заваднымі лялькамі — адна са славутасцей Масквы.

Літ.:

Смирнова Н.И. Театр Сергея Образцова. М., 1971;

Хорт А., Голдовский Б. Не только куклы. М., 2001;

Духанина Л. Кукольное братство двадцатого века // Куклы и театр. М., 2002.

Цэнтральны тэатр лялек імя С.​У.​Абразцова Гадзіннік на фасадзе будынка тэатра.

т. 17, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)